Кожную восень педагагічныя работнікі Браслаўшчыны збіраюцца на традыцыйную спартакіяду. Чарговыя спаборніцтвы былі прысвечаны 95-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама Году культуры.

Настаўнікі і выхавальнікі ўстаноў адукацыі раёна падзяліся на 3 каманды (адпаведна школьным зонам), абралі ў кожнай трэнера і на цэлы дзень прысвяцілі сябе спорту. Віталі ўдзельнікаў спартакіяды начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Іван Абаровіч і старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч. Яны пажадалі поспеху падчас спаборніцтваў і падзявалі педработнікам за тое, што знайшлі час у сваім графіку для заняткаў спортам, а таксама за тое, што сваім актыўным ладам жыцця падаюць прыклад для падрастаючага пакалення.

Кожны раз арганізатары спартакіяды імкнуцца разнастаіць яе праграму для таго, каб удзельнікам было цікавей імкнуцца да спартыўных вышынь. На гэты раз да традыцыйнага шматбор’я дадалі дартс, эстафету і валейбол. Нягледзячы на тое, што каманды з’яўляліся паміж сабой сапернікамі, на спартыўнай пляцоўцы ўсё роўна панавала атмасфера добразычлівасці і сяброўства.

Шмат эмоцый у педагогаў выклікала эстафета, дзе ім давялося віртуозна валодаць клюшкай і мячом, паказваць лоўкасць і трапнасць, хутка бегаць і пераадольваць розныя перашкоды. Яе ініцыятар Войцех Гедройц, падрыхтаваў неардынарныя і часам каверзныя конкурсы. Не менш цікавей было сачыць за развіццём падзей падчас валейбольных матчаў.

Нарэшце — фінальнае пастраенне і ўзнагароджванне. Так, у дартсе першымі сталі Сяргей Пушкароў (Дрысвяцкая школа) і Ганна Дарожка (СШ № 2) , шматбор’е — Валерый Угарэнка (ЦДіМ) і Сняжана Цыунель (РФСК “Дрывяціч”), валейболе і эстафеце перамагла каманда 2 школьнай зоны (трэнер Валенціна Пабяржын).

Агульны вынік спартакіяды стаў нечаканым. Набраў аднолькавую колькасць балаў, пераможцамі сталі каманды першай і другой школьнай зон пад кіраўніцтвам Рыгора Станіслаўчыка і Валенціна Пабяржына.

Алена Набеева.