Выставка ДПИ БраславНа мінулым тыдні ва ўстанове дадатковай адукацыі ЦДіМ у рамках раённага этапа Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016” адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці педагогаў і работнікаў устаноў адукацыі Браслаўскага раёна пад дэвізам “Ствараючы — тварыць”.
Падзівіцца майстэрству сваіх калег у выставачную залу завіталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта І.А. Абаровіч, настаўнікі гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі, самі майстры.

Старшыня Браслаўскага РК прафсаюза Сімановіч С.С. пазнаёміла прысутных з цудоўнымі экспанатамі выставы, з цеплынёй расказала пра кожнага майстра. Вырабы прадстаўлялі кухары, загадчыкі гаспадаркай, педагогі дадатковайадукацыі, настаўнікі, але ніхто з іх не мае адукацыі па профілю “Мастацтва”.

Прадстаўленыя на выставе экспанаты выкананы ў розных мастацкіх тэхніках: вышыванкі, кампазіцыі з паперы і бісеру, карціны і тапіарыі з атласных стужак, карункавыя рэчы, дэкаратыўныя бутэлькі. Трэба адзначыць, што кожная работа па-свойму ўнікальная, бо ў ёй — душа і фантазія майстра.

Здавалася б, увага педагогаў кожны дзень накіравана на адукацыйны і выхаваўчы працэс. Аднак за гэтымі клопатамі крэатыўныя настаўнікі знаходзяць час, каб акунуцца ў акіян творчасці і сваім рукадзеллем прыносіць людзям радасць.

Як адзначыла С. Сімановіч, тры лепшыя кампазіцыі будуць адабраны для ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу.