"Лічыць не будзем мы гады".Пад такой назвай у актавай зале ЦДіМ Браслаўскага раёна прайшоў традыцыйны святочны «агеньчык» для ветэранаў педагагічнай працы, які аб’яднаў Дзень настаўніка і Дзень пажылых людзей.
З радасцю сустракалі паважаных гасцей, якія многія гады аддавалі часцінку свайго сэрца дзецям, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, арганізатары мерапрыемства — супрацоўнікі установы дадатковай адукацыі і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч.
Ды і на тварах запрошаных свяцілася прыемныя ўсмешкі, бо, несумненна, такія душэўныя сустрэчы прыносяць шмат станоўчых эмоцый і даюць магчымасць за кубачкам духмянай гарбаты пагутарыць з былымі калегамі, падзяліцца навінамі.
Прывітальным словам пачала С. Сімановіч цёплае свята. Яна павіншавала прысутных і выказала ўдзячнасць за іх шматгадовую сумленную працу. Вітаў ганаровых гасцей, а таксама пазнаёміў іх з сучаснымі рэаліямі раённай сістэмы адукацыі і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч.
Абаяльнай вядучай мерапрыемства Аляксандры Раманоўскай удалося стварыць шчырую і непасрэдную атмасферу ў зале. А разнастайная цікавая праграма свята нікому не дала сумаваць. Вясёлыя забаўляльныя гульні, віктарыны і конкурсы змяняліся цудоўнымі музычнымі нумарамі таленавітых выхаванцаў ЦДіМ. З сардэчнай цеплынёй прысутныя спявалі любімыя песні пад акампанемент Уладзіміра Сакалоўскага. Многія госці атрымалі памятныя прызы за сваё творчае і кулінарнае майстэрства. З добрым гумарам прайшла бяспройгрышная латэрэя, білецік якой атрымаў кожны пры ўваходзе ў залу.
Мерапрыемства яшчэ раз падцвердзіла, што нават на заслужаным адпачынку настаўнікі не губляюць цікавасці да актыўнага жыцця, захоўваюць у сабе аптымізм і з ахвотай дзеляцца з іншымі сваёй душэўнай цеплынёй. А сардэчны святочны «агеньчык» падарыў прысутным шчаслівыя хвіліны сустрэчы і запаліў у іх сэрцах іскрынку радасці.