Ім пакарыўся рубеж у тысячу тон
На працягу жніва ў кожным нумары “ВГ” мы знаёмілі вас з камбайнерамі, вадзіцелямі сельскагаспадарчых арганізацый, якія лідзіравалі ў раённым спаборніцтве і ўрэшце дабіліся высокіх вынікаў: намалацілі і перавезлі больш за тысячу тон зерня.
У раёне – восем такіх камбайнераў і пяць вадзіцеляў.
З некаторымі героямі жніва сёння мы пазнаёмімся яшчэ бліжэй, і нагода для гэтага самая прыемная. У панядзелак на Глыбоччыну прыязджаў старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка, каб павіншаваць лепшых хлебаробаў і за самаадданую працу ўручыць ім падзякі абкама прафсаюза і прэміі.
Маршрут для паездкі быў выбраны такі: УП “Мнюта”, УП “Мярэцкія” і УП “За Радзіму”.
УП “Мнюта”
Тры камбайнеры гаспадаркі – Алег Шынкевіч, Генадзь Анкудовіч і Аляксандр Крыкштуль – намалацілі сёлета больш за тысячу тон зерня. І калі Алег і Генадзь – сталыя прызнаныя спецыялісты, то Аляксандр у гэтым годзе КЗС-1218 на мнюцкія палеткі вывеў першы раз у жыцці. Перад жнівом сам папрасіўся на камбайн, бо невялікі вопыт працы на ўборачнай атрымаў, калі жыў і працаваў у адной з гаспадарак Мінскай вобласці.
З першага дня малады камбайнер узяў высокі тэмп (пры добрай якасці ўборкі) і стаў лідарам сярод маладых удзельнікаў жніва. У сваёй гаспадарцы намалаціў 960 тон, пасля працаваў на палях ААТ “Чарневічы”. І вось вынік: у актыве Аляксандра Крыкштуля – 1009 тон зерня.
Старшыня абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка, уручаючы ўзнагароды, цёпла павіншаваў камбайнера-тысячніка, пераможцу раённага спаборніцтва сярод маладых камбайнераў Аляксандра Крыкштуля з высокім дасягненнем і пажадаў яму новых працоўных перамог.
Да віншавання далучыліся і ўручылі Аляксандру падарункі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Зяновіч і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Наталля Вайцюль і (на здымку).
Добрыя пажаданні маладому механізатару вельмі патрэбны, паколькі наперадзе ў яго – яшчэ шмат палявых клопатаў, найперш – сяўба азімых зерневых.
УП “Мярэцкія”
Паколькі дамовіліся, што ў Бушыках на паваротцы на Сорыкі сустрэнемся з маладым вадзіцелем Юрыем Навойчыкам, які ў гэты дзень на сваім аўтамабілі МАЗ-551 вазіў кармы на фермы, то з Мнюты ў Бушыкі мы прыляцелі, можна сказаць, на крылах. На некалькі хвілін апярэдзілі нашага героя і, стоячы каля дарогі, не маглі не звярнуць увагі на горку зерня на адным з падворкаў
--Закончылі жніво на палях і пачалі малаціць соткі вяскоўцаў, малайцы, -- заўважыў Валерый Кунашка, тым самым засяродзіў нашу ўвагу на актуальнасці гэтай тэмы.
--Так, малоцім ужо не першы дзень, на соткі вяскоўцаў адпраўлены тры камбайны, -- па тэлефоне паведаміў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП “Мярэцкія” Віктар Дубоўка.
-- Пасля заканчэння жніва камбайнеры ўсіх гаспадарак памагаюць вяскоўцам ва ўборцы хлеба, -- развіла тэму Наталля Зяновіч. А неўзабаве мы ўбачылі на дарозе МАЗ, за рулём якога быў Юрый Навойчык.
Цырымонія ўзнагароджвання не здоўжылася, і, падзякаваўшы гасцям за такую ўвагу да сябе, малады вадзіцель прадоўжыў свой шлях.
УП “За Радзіму”
Толькі крануліся з месца і ўзялі накірунак на вёску Удзела, як Наталлі Зяновіч пазваніў дырэктар прадпрыемства “За Радзіму” Тадэвуш Зяновіч: маўляў, не затрымлівайцеся, у Іосіфа Вярбіцкага кожная хвіліна на ўліку.
Пра гэтага вадзіцеля сказ асобны: ужо чатырнаццаць сезонаў на сваім аўтамабілі МАЗ-555 адвозіць ён зерне ад камбайнаў. І калі ў першы сезон перавёз толькі 500 тон зерня (“Многа было ў той год і камбайнаў, і машын”), то ўсе наступныя гады Іосіф Вярбіцкі адвозіў ад камбайнаў больш за тысячу тон зерня.
--І як гэта ў вас атрымліваецца? – пасля таго, як былі ўручаны ўзнагароды, пацікавіўся ў вадзіцеля.
--Я не ганюся за тонамі, увогуле, на маю думку, спаборнічаць трэба толькі на спартыўных пляцоўках. А на жніве – проста працаваць: шчыра, спакойна, без спешкі. І вынікі будуць, -- такім быў адказ.
Фота – на памяць, і вадзіцель прадоўжыў свой рэйс, а неўзабаве раз’ехаліся ўсе мы: у кожнага – свая праца, і сапраўды: кожная хвілінка на ўліку.
На здымках: Юрый Навойчык; Іосіф Вярбіцкі.
Алесь Жыгуноў, карэспандэнт газеты “Веснік Глыбоччыны”
Им покорился рубеж в 1000 тонн. Материал газеты "Веснiк Глыбоччыны"