Па-сямейнаму цёплае і шчырае мерапрыемства, прысвечанае дням пажылых людзей і педагогаў, прайшло ў актавай зале ЦДіМ.
На святочны «агеньчык», арганізаваны Браслаўскім раённым камітэтам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, завіталі педагогі, якія многія гады аддавалі часцінку свайго сэрца дзецям, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Нават дажджлівае і ветранае надвор’е не сапсавала іх настрой.
Больш за трыста ветэранаў налічвае сёння дружная педагагічная сям’я Браслаўшчыны. І дзякуючы добрай традыцыі яны маюць магчымасць сабрацца ў цесным дружным коле і абмеркаваць перамены ў сістэме адукацыі раёна, парадавацца дасягненням сённяшніх калег і вучняў, падзяліцца навінамі ўласнага жыцця. Безумоўна, такія сустрэчы заўсёды жаданыя, бо даюць магчымасць зразумець, што пра цябе памятаюць.
Прывітальным словам прыемнае свята пачала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ірына Аніська, якая павіншавала прысутных з надыходзячым святам і пажадала ўсім моцнага здароўя і аптымізму.
Сардэчную падзяку за шматгадовую сумленную працу выказала і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч.
Творчы калектыў установы пазашкольнага навучання падрыхтаваў цікавую праграму, дзякуючы якой педагогі апынуліся за кулісамі кінастудыі. Разам з вядучай Алай Лук’янец госці ва ўласным варыянце агучвалі вядомыя фільмы, адгадвалі папулярныя фразы з розных кінастужак, спявалі, чыталі вершы.
Актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы за свае творчае і кулінарнае майстэрства.
За кубачкам гарбаты педагогі вялі няспешную гутарку, дзяліліся ўспамінамі, з цікавасцю глядзелі выступленне юных артыстаў ЦДіМ.
У цёплай, нязмушанай абстаноўцы ўдзельнікі «агеньчыка», як яны самі прызналіся, быццам зноў вярнуліся ў гады сваёй маладосці.