На працягу ўсяго часу існавання нашай арганізацыі яе лідарамі былі лепшыя і паважаныя ў Першамайскім раёне Віцебска кіраўнікі, якія паслядоўна вырашалі задачы па абароне сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў працоўных, умацаванні якаснага і колькаснага складу галіновага прафсаюза. Напрыклад, пад кіраўніцтвам Сяргея Пятровіча Нікіціна (2007—2019 гады работы) мы дасягнулі практычна стопрацэнтнага паказчыка ахопу прафсаюзным членствам (99,8 працэнта), неаднаразова станавіліся пераможцамі ў конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў па ахове працы і энергазберажэнні, супрацоўніцтве са сродкамі масавай інфармацыі, спартыўна-масавай рабоце. Была праведзена значная работа па падтрымцы маладых спецыялістаў, а таксама дзяцей членаў прафсаюза з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў.
Сталі традыцыйнымі ўрачыстыя раённыя сустрэчы “З любоўю для вас, ветэраны”, “Галоўнае слова ў жыцці — мама!”, “Імі ганарыцца раён!”, правядзенне круглагадовай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, многія іншыя мерапрыемствы.
Асаблівае месца ў дзейнасці арганізацыі адведзена рабоце з ветэранамі педагагічнай працы. Рэгулярна арганізоўваюцца пашыраныя пасяджэнні раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы “Залаты фонд” (яго кіраўнік — ганаровы ветэран працы Марына Лельеўна Траецкая), заняткі групы па аздараўленні на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам выдатніка адукацыі БССР, СССР Лізаветы Мікалаеўны Ільяковай, памятныя вечарыны, сустрэчы па абмене вопытам з моладдзю, круглыя сталы. У 2018 годзе, дзякуючы ініцыятыве Кастрычніцкага, Чыгуначнага і Першамайскага раённых камітэтаў прафсаюза адукацыі і навукі Віцебска, у мікрараёне Медцэнтр Першамайскага раёна з’явілася алея памяці ветэранаў педагагічнай працы, дзе была добраўпарадкавана тэрыторыя, усталяваны памятны знак і высаджаны маладыя клёны. Зараз пастаянны догляд алеі — у зоне нашай адказнасці. З лістапада 2019 года райкам галіновага прафсаюза ўзначальвае Вольга Гурчанка.
Па словах Вольгі Валер’еўны, раённы камітэт працягвае актыўную работу па ўмацаванні сацыяльнага партнёрства і значнасці прафсаюзнага руху раёна, па правядзенні культурна-масавых і грамадскіх мерапрыемстваў, актыўнай падтрымцы ўсіх катэгорый членаў прафсаюза. Так, падчас пандэміі была аказана аператыўная дапамога ў набыцці дэзынфіцыруючых сродкаў і медыцынскіх масак для забеспячэння імі ўсіх членаў прафсаюза на агульную суму больш за 5500 рублёў. Рэгулярна аказваецца матэрыяльная дапамога тым членам прафсаюза, хто звярнуўся па яе ў сувязі з цяжкім станам здароўя або апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: толькі за 7 месяцаў 2020 года задаволена больш за 300 такіх зваротаў. У грамадскім кантролі ва ўстановах адукацыі задзейнічаны 195 грамадскіх інспектараў па ахове працы, якія будуюць сваю працу сумесна з наймальнікамі і штогод праводзяць больш за 800 выхадаў.
— Культурна-масавая работа — адзін з нашых прыярытэтаў, і мы імкнёмся ажыццяўляць яе якасна, з улікам агульных інтарэсаў, — расказвае Вольга Гурчанка. — Вялікі рэзананс сярод педагагічнай грамадскасці мелі дні адкрытых дзвярэй па абмене вопытам, праведзеныя на базе ясляў-сада № 112 і гімназіі № 9 Віцебска ў другой палове 2019 года і бягучым годзе. Мы захавалі традыцыю ўшанавання ветэранаў педагагічнай працы з уручэннем ім пасведчання “Ганаровы ветэран працы”. Зараз поўным ходам ідуць падрыхтоўка да свят, прысвечаных пачатку навучальнага года, і жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, акцыя “Збяры партфель дзіцяці ў школу” ў рамках круглагадовай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. У будучыні плануем традыцыйнае святкаванне дзяржаўных і прафесійных свят, экскурсійную паездку па этнаграфічных мясцінах Беларусі з удзелам прафактыву раёна, іншыя мерапрыемствы. Запамінальным момантам для прафактыву ўстаноў адукацыі стала сустрэча са старшынёй Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза Таццянай Раманаўнай Якубовіч на базе сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна і ясляў-сада № 110 Віцебска.
Прафсаюзы выконваюць ролю індыкатара грамадскай думкі, служаць сістэмай зваротнай сувязі для дзяржавы, што дазваляе абгрунтавана і вынікова карэкціраваць сацыяльна-эканамічную палітыку. Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — самая масавая грамадская арганізацыя, якой належыць асаблівая роля ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці педагагічнага грамадства. Прафсаюз і дзяржава непадзельныя. 9 жніўня адбылося адно з самых значных у краіне мерапрыемстваў — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У складзе ўчастковых камісій былі прадстаўлены 52 члены і 63 назіральнікі з ліку прафактыву раёна. Першамайская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі кіруецца ў сваёй дзейнасці прынцыпамі ўзаемадзеяння і ўзаемадапамогі, бо толькі працуючы сумесна, поплеч, можна дасягнуць таго, каб панавалі закон і справядлівасць, паважаліся правы і вырашаліся пытанні, якія стаяць перад сістэмай адукацыі і грамадствам у цэлым. Прафсаюзная работа не павінна дзяліцца на важныя і другарадныя элементы і напрамкі. У ёй усё так ці інакш звернута да чалавека, працята клопатам аб тым, каб жыццё людзей станавілася лепшым, а іх правы і законныя інтарэсы былі надзейна абаронены. Многае зроблена, і мы здольныя разам зрабіць яшчэ больш.
Маргарыта БАЙДАЧЭНКА,
галоўны спецыяліст РК Першамайскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віцебска.