Неяк пры сустрэчы пацікавілася ў глыбачанкі Наталлі Вайцюль: што значыць для яе настаўніцтва — прафесія гэта ці прызванне? А ў адказ пачула: “Нельга аднаму без другога, як крылам у птушкі. Каб узляцець, стаць сапраўдным настаўнікам, патрэбны крылы”. Усё жыццё маёй суразмоўніцы — узор высокага палёту.

— Родам я з Шаркаўшчыны, — расказвае Наталля Іванаўна. — Па мацярынскай лініі ў нашай сям’і шмат педагогаў: двое маіх сваякоў настаўнічалі, любімая цётка, Вольга Канстанцінаўна Арэх, прайшла шлях ад настаўніцы геаграфіі да дырэктара школы. Зараз педагагічная дынастыя пашырылася: акрамя мяне, пяцёра яе прадстаўніц шчыруюць у Шаркаўшчынскім раёне і па адной — ва Ушачах і Мінску, так што перыядычна сямейныя сустрэчы неўпрыкмет пераходзяць у педсаветы.

 Калі надышла пара, прафесію выбрала без ваганняў, свядома і ўпэўнена, аб чым ніколі не пашкадавала. Вызначыцца з напрамкам дапамог прыклад настаўніцы рускай мовы і літаратуры і замежнай мовы Святланы Францаўны Кісялёвай. Барысаўскі дзяржаўны педагагічны каледж, потым Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт — і вось я ўжо з дыпломамі настаўніка пачатковых класаў і замежнай мовы вярнулася на радзіму. Некаторы час выкладала нямецкую мову ў Велікасельскай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага, потым — ва Удзелаўскай сярэдняй школе Глыбоцкага раёна, куды пераехала з сям’ёй на пастаяннае жыхарства; працавала педагогам-арганізатарам у Дзеркаўшчынскай сярэдняй школе.

Перспектыўнага, адказнага, таленавітага педагога заўважылі і запрасілі метадыстам у аддзел па адукацыі. На працягу 2005—2012 гадоў Наталля Іванаўна курыравала выкладанне замежных моў, наладжвала работу метадычных аб’яднанняў, міжрэгіянальнае і міжнароднае супрацоўніцтва. Па лініі Інстытута Гётэ з’ездзіла на стажыроўку ў горад Пархім (Германія), завезла туды пісьмы глыбоцкіх навучэнцаў — так завязалася сяброўства. Цесныя партнёрскія сувязі аб’ядналі спачатку Глыбоцкую раённую гімназію з гімназіяй нямецкага Хільбургхаўзена, затым — мясцовыя органы кіравання адукацыяй і ўстановы адукацыі абедзвюх краін. У маі 2012 года — зноў змена прафесійнай траекторыі: Наталля Вайцюль узначаліла Глыбоцкую раённую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

— У мяне былі моцныя папярэднікі, — працягвае прафсаюзны лідар. — Раіса Іванаўна Ламачэнка і Віталь Георгіевіч Гарановіч задалі вельмі высокую планку. Прызнаюся, даводзілася цяжка. Тады, як некалі маладога педагога-пачаткоўца ў школе, мяне зноў падтрымала традыцыя пераемнасці, настаўніцтва: мы ж усе ў нашым прафсаюзе з’яднаныя настаўніцкім лёсам. Вучылася ў старэйшых і дасведчаных, асабліва ўдзячна старшыні прафкама аддзела па адукацыі райвыканкама Алене Норбертаўне Цішонак, бухгалтару райкама галіновага прафсаюза Тамары Станіславаўне Віннік, загадчыцы ясляў-сада № 3 Глыбокага члену прэзідыума нашай раённай арганізацыі Ганне Пятроўне Мацулевіч, старшыні прафкама сярэдняй школы № 3 Глыбокага Ірыне Аляксандраўне Сухоў­скай. Вельмі дапамагла мне Раіса Іванаўна Ламачэнка, з якой мы і зараз актыўна супрацоўнічаем. Падставіў сваё надзейнае плячо абкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Заўсёды буду ўспамінаць добрым словам Аляксандра Сяргеевіча Суханава, на той час кіраўніка абласнога камітэта галіновага прафсаюза, яго намесніка Генадзя Данілавіча Рудзёнка, спецыялістаў абкама. І, ма­быць, галоўнае — з самых першых крокаў адчувала поўнае паразуменне і падтрымку з боку сацыяльнага партнёра. Усе спрэчныя пытанні мы з кіраўніцтвам аддзела і ўстаноў адукацыі абмяркоўваем і вырашаем сумесна на ка­рысць нашым педагогам.

З мінулага года Наталля Іванаўна выбрана намеснікам старшыні Глыбоцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў. У раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пад яе кіраўніцтвам сёння працуюць больш за дзве тысячы чалавек у складзе 28 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Большасць калектыўных дагавораў утрымліваюць звыш раённага пагаднення дадатковыя нормы, якія паляпшаюць сацыяльна-эканамічнае становішча работнікаў галіны. Напрыклад, вызначаны ўмовы матэрыяльнага стымулявання педагогаў за падрыхтоўку пераможцаў і прызёраў алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый, прэміравання за здаровы лад жыцця, эканомію энергарэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў, за ўдзел у спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах, выкананне патрабаванняў аховы працы і працоўнай дысцыпліны. Прадугле­джана матэрыяльнае стымуляванне за работу грамадскіх інспектараў па ахове працы, аказанне матэрыяльнай дапамогі на аплату здымнага жылля, набыццё пуцёвак для санаторна-курортнага лячэння. У сістэме адукацыі адсутнічаюць праблемныя пытанні ў выплатах заработнай платы.

Маладыя спецыялісты адразу пасля прыбыцця ў раён далучаюцца да грамадскага жыцця, вучобы ў школе маладога настаўніка. Яны паспяхова выступаюць у складзе творчых калектываў на конкурсах калектываў мастацкай самадзейнасці, турысцкіх злётах, спартыўных спаборніцтвах, конкурсах маладых педработнікаў “Перспектыва” і “Прызванне — педагог”, арганізаваных аддзелам па адукацыі райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

— У цесным кантакце з органамі кіравання адукацыяй мы пастаянна ўдасканальваем і нарошчваем супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, — адзначае Наталля Вайцюль. — Дзейсную дапамогу прафсаюзу аказва­юць нашы ветэраны, між тым некаторым з іх ужо за 90 гадоў! У прэзентацыі зборніка вершаў ветэранаў педагагічнай працы Віцебскай вобласці “Каб памяць жыла ў сэрцах пакаленняў” прымалі ўдзел нашы паэтэсы, у мінулым школьныя настаўніцы Зоя Максімаўна Наваенка і Тамара Сяргееўна Русяноўская. Лаўрэатамі абласнога конкурсу ветэранаў працы галіны “Свет маіх захапленняў” стаў вакальны гурт “Падсвільчанка”. Шчырае захапленне выклікае цяперашняя маладая змена. Гэта цудоўныя педагогі — таленавітыя, мэтанакіраваныя, дысцыплінаваныя, крэатыўныя. Дарэчы, большасць з іх з цягам часу застаюцца ў раёне на пастаяннае жыхарства. Шмат увагі мы ўдзяляем пошуку і падрыхтоўцы будучых педагагічных кадраў, пачынаючы з работы са школай, з навучэнцамі педкласаў. Яны — наша надзея, бо менавіта педагог не толькі дае адукацыю, але і выхоўвае, а значыць, закладвае асновы будучыні краіны. У нашай моладзі перад вачыма прыклад паспяховых прафесіяналаў, сапраўдных майстроў сваёй справы і больш чым дзесяці вядомых на ўсю краіну педагагічных дынастый Глыбоччыны. З нагоды Дня ведаў у рамках рэспубліканскай акцыі “Прафсаюзы — дзецям” мы ўжо пачалі аказваць матэрыяльную дапамогу членам прафсаюза: адзінокім маці (бацькам), якiя выхоўваюць дзяцей, мнагадзетным сем’ям — у падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года.

Верце ў сябе, шаноўныя калегі, працуйце над пастаўленымі задачамі — і ўсё атрымаецца!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з асабістага архіва Наталлі Вайцюль